РУС БЕЛ ENG

Справа аб генацыдзе беларускага народу

З АФІЦЫЙНЫХ КРЫНІЦ

Генеральная пракуратура Беларусі ў красавіку 2021 года ўзбудзіла крымінальную справу па факце генацыду насельніцтва Беларусі падчас Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд. У аснову прынятага рашэння пакладзены звесткі аб гібелі мільёнаў беларусаў і іншых асоб з прычыны зверстваў нямецкіх акупантаў і іх памагатых. Распачаты Генеральнай пракуратурай крымінальны працэс па расследаванні фактаў генацыду накіраваны на ўсталяванне канкрэтных асоб з ліку нямецкіх захопнікаў і іх памагатых, якім удалося пазбегнуць адказнасці за забойствы мірных жыхароў, здзекі і катаванні ў канцлагерах і гета, масавы ўгон грамадзянскага насельніцтва ў нямецкае рабства.

22 чэрвеня ў Рэспубліцы Беларусь адзначаецца Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа. На тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны фашысты стварылі больш за 260 лагераў смерці і месцаў масавага знішчэння людзей. Самым буйным не толькі ў Беларусі, але і на ўсёй захопленай савецкай тэрыторыі, з'яўляўся лагер смерці «Трасцянец», дзе загінула больш за 200 тыс.чалавек (ёсць сведчанні, што ахвяр было нашмат больш – больш за 500 тыс.). Па няпоўных дадзеных, толькі ў лагерах на тэрыторыі Беларусі загінулі каля 1,5 млн.чалавек.

               

Сагнана ў Нямеччыну пад пагрозай смерці каля 400 тыс.грамадзян, многія з якіх загінулі ў выніку невыносных умоў працы, пазбаўленняў і катаванняў. Спрабуючы знішчыць нацыянальную дзяржаўнасць, эканоміку і культуру беларускага народа, нямецкія захопнікі і іх памагатыя разбурылі і спалілі больш за 9 тыс.населеных пунктаў. Усяго ў гады вайны Беларусь страціла кожнага трэцяга жыхара.

У красавіку 2022 г. пад рэдакцыяй Генеральнага пракурора Беларусі Андрэя Шведа выдадзена кніга «Генацыд беларускага народа», у якой сабраны даведачна-аналітычныя і дакументальныя звесткі з расследуемай крымінальнай справы аб генацыдзе.

5 студзеня 2022 года Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка падпісаў Закон «Аб генацыдзе беларускага народа», якім прадугледжваецца юрыдычнае прызнанне генацыду беларускага народа, здзейсненага нацысцкімі злачынцамі і іх памагатымі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд (да 1951 года). Пад беларускім народам маюцца на ўвазе ўсе савецкія грамадзяне, якія пражывалі на тэрыторыі БССР у азначаны перыяд.

Разнастайную і змястоўную інфармацыю па справе аб генацыдзе беларускага народа можна атрымаць на афіцыйным сайце Генеральнай пракуратуры Беларусі:

Расследванне крымінальнай справы аб генацыдзе

ЛЮДСКІЯ СТРАТЫ БЕЛАРУСІ Ў ВАЙНЕ

За гады акупацыі гітлераўцы правялі звыш 140 карных аперацый, падчас якіх поўнасцю або часткова знішчылі 5454 вёскі. Страшным сімвалам злачынстваў гітлераўцаў на беларускай зямлі стала вёска Хатынь, спаленая разам з усімі жыхарамі. Яе лёс падзялілі яшчэ 618 сельскіх населеных пунктаў, 188 з якіх ужо ніколі не былі адноўлены.

На тэрыторыі Беларусі існавала каля 250 лагераў савецкіх ваеннапалонных і 350 месцаў прымусовага ўтрымання насельніцтва. Толькі ў вёсцы Трасцянец, дзе знаходзіўся адзін з самых вялікіх па колькасці знішчаных там людзей нацысцкіх лагераў смерці, загінула 206 500 чалавек. Прычым у адрозненне ад Асвенцыма, Майданека і Трэблінкі ў ім знаходзілася галоўным чынам мясцовае насельніцтва. Акрамя таго, у 186 населеных пунктах былі створаны габрэйскія гета. У мінскім гета змяшчалася каля 100 тыс. чалавек, з якіх выжылі адзінкі. Беларускія навукоўцы лічаць, што ў Беларусі ў сучасных межах за гады вайны было знішчана 715 тыс.габрэяў.

У перыяд акупацыі ў Германію на прымусовыя работы было вывезена каля 400 тыс.чалавек (у тым ліку 24 тыс. дзяцей).

Статыстыка сведчыць: калі да вайны ў Беларусі ў яе цяперашніх межах пражывала 9,2 млн чалавек, то ў канцы 1944 г. - 6,3 млн чалавек. Па дадзеных ЧГК па расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў, усяго на тэрыторыі БССР забіта 2 219 316 чалавек грамадзянскага насельніцтва і ваеннапалонных. У цяперашні час некаторыя даследчыкі лічаць, што з улікам ускосных страт за гады Вялікай Айчыннай вайны загінула ад 2,5 да 3 і больш за млн жыхароў Беларусі, гэта значыць не менш, чым кожны трэці.

ХРОНІКА ПАДЗЕЙ

Канец чэрвеня 1941 года

акупацыя мясцовасці нямецка–фашысцкімі захопнікамі

Люты 1943 года

карныя экспедыцыі ворагаў супраць мірных жыхароў

1943-1944 гады

дзейнасць партызанскай брыгады імя Леніна Пінскага партызанскага злучэння

Канец чэрвеня 1944 года

вызваленне нашай тэрыторыі ад захопнікаў

ВОГНЕННАЯ ЗЯМЛЯ

Полымя вайны

У лютым 1943 года акупацыйныя ўлады атрымалі загад аб правядзенні буйных карных экпедыцый у раёне Морач – Мілевічы – Ленін – Грычынавічы – заходней напрамку Лугі – Гаўрыльчыцы – Вялічкавічы.

Масавае знішчэнне мясцовага мірнага насельніцтва было праведзена ў вёсцы Гаўрыльчыцы (расстраляны і спалены 44 чалавекі), ва ўрочышчы Нізара ( расстраляны і спалены 21 чалавек ), у вёсцы Чудзін, куды ўцяклі некаторыя сем’і (18 чалавек расстраляны і патоплены).

Пахаванні і помнікі ахвярам размешчаны на могілках і ў заходняй частцы вёскі Гаўрыльчыцы, на могілках вёскі Чудзін Ганцавіцкага раёна.

ПОМНІК СПАЛЕНЫМ ЖЫХАРАМ

ВЁСАК ЛУГІ, ЦЯСНА, ЗАВЯЛІКАЕ  

Тут пахаваны 44 мірныя  жыхары  вёсак Лугі, Цясна, Завялікае, якія былі расстраляны і спалены на гэтым месцы карнікамі 15 лютага 1943 года

ЗАСТАЦЦА Ў ЖЫВЫХ

(Вытрымка з кнігі "Памяць", Салігорскі раён)

З УСПАМІНАЎ ТОНКА АЛЯКСАДРА САВІЧА

У лютым 1943 года фашысты рабілі аблаву на партызан. У гэты час людзі з вёскі Цясна хаваліся ў лесе. 15 лютага карнікі загадалі сабраць усіх людзей з лесу і знішчыць . Гэтай раніцай мы знаходзіся ва ўрочышчы Бабін. Раптам, як з-пад зямлі, з’явіліся перад намі паліцаі і пагналі нас у вёску Гаўрыльчыцы на хутар Астравок, дзе знаходзіўся нямецкі штаб.

З нашай сям’і я быў толькі адзін, бо брат быў ужо зачынены ў штабе ў хляве, а бацька з сёстрамі былі далёка ў лесе, іх не знайшлі.

З Астраўка нас карнікі пагналі ва ўрочышча Рачак. Па дарозе нас раздзялілі на дзве групы. Адных пагналі ў хлеў да Гнуды Якава, а нас загналі ў кашару на польскай стражніцы. У кашары нас пільнаваў немец. Раптам цётка   Карпец (Кажэўнічыха) кінулася ўцякаць да хаты Рыжко Сямёна. Немец пачаў страляць па ёй . Гэтым часам я схаваўся за падмурак, потым адбег і падпоўз пад бляху ад страхі згарэўшай стражніцы. Сядзеў я пад гэтай бляхай пакуль не скончылася страляніна, і карнікі паехалі ў штаб. Калі я выпаўз, палавіна людзей была забіта, а астатніх вызваліў паліцай Бойка Герасім, і яны пайшлі ў вёску. Ужо заходзіла сонца, і я пайшоў у лес ва ўрочышча Крушня, так і застаўся жыць.

ПОМНІК СПАЛЕНЫМ ЖЫХАРАМ ПАСЕЛІШЧА ЗАВЯЛІКАЕ

Помнік 21 жыхарам в. Завялікае,загінуўшым пад час карнай аперацыі 15 лютага 1943 года, астанкі якіх былі перазахаваны на могілках у в. Гаўрыльчыцы. Нядаўна намаганнямі мясцовых жыхароў і Гаўрыльчыцкага сельскага савета ўзведзены новы помнік.

З ВЕРАЙ У ВЫРАТАВАННЕ (аўтар - Літвінюк Т.Н.)

З успамінаў былога вязня канцлагера Асвенцым ураджэнца вёскі Гаўрыльчыцы Данілевіча Сцяпана Мікалаевіча:

"8 мая 1942 года паліцай абыходзіў хаты ў Гаўрыльчыцах са спісам маладых і здаровых хлопцаў і дзяўчат для адпраўкі на работу ў Германію. Там былі мае землякі: Бойка Іван Герасімавіч, Гнуда Васіль Пятровіч, Макаед Іван Васільевіч, Рыжко Аляксандр Макаравіч, Макаед Сцяпан Юр’евіч, Бойка Софія Юр’еўна, Гушчэня Софія Сцяпанаўна, Койка Софія Сцяпанаўна, Лятчэня Ганна Арцем’еўна, Тонка Адам Савельевіч, Рыжко Пётр Мікалаевіч, Койка Павел Раманавіч.

Па дарозе, у Ганцавічах і Баранавічах, нам паказвалі павешаных маладых людзей і гаварылі, што так будзе з кожным, хто задумае збегчы.Завезлі нас у душных вагонах на тэрыторыю Чэхаславакіі.

11 месяцаў я знаходзіўся  ў вёсцы Генесдорф ва ўсадзьбе пана Штайнера. Там мы працавалі на палях, на сенажацях, даілі кароў. Затым я вырашыў збегчы. Мне удалося дастаць компас, і ў зручны момант я ўцёк. Ішоў, куды вочы глядзяць. Рэйн прыйшлося пераплываць, прывязаўшы адзенне да галавы. Я ішоў трое сутак. Але каля горада Катавіцы мяне злавіў паліцай, які вырашыў, што я – чэшскі партызан. Пасля мяне далучылі да іншых палонных.

Праз некаторы час паліцаі пасадзілі мяне ў вагон, які адпраўляўся ў канцэнтрацыйны лагер Асвенцым. Тут былі палякі, французы, рускія, беларусы. Усіх трымалі толькі тры месяцы. Калі я трапіў у лагер, мая вага была 72 кілаграмы. На работу нас вадзілі па 20 чалавек пад канвоем. Работы былі розныя: мы пракладывалі чыгуначныя шляхі, будавалі завод. Асабліва цяжка было ў нядзелю: мы не працавалі, але за гэта нас ганялі “гусіным” крокам. А тых, хто адставаў, падганялі плёткай. Кармілі аднолькава два разы ў дзень: шпінат, бруква, чорная «кава» і 400 грамаў хлеба з апілкамі. Кожны вечар у 23.00 была паверка. Пасля трох месяцаў я ўжо важыў 42 кілаграмы. Лагерфюрер сказаў, што я шчаслівы: калі б было 40 кілаграмаў - мяне  б адправілі         ў       печ    крэматорыя...  Пасля Асвенцыма я трапіў на работы ў гарадок Люнін недалёка ад Дортмунда. Вера ў тое, што я некалі ўбачу роднае неба, дапамагла вынесці цяжкасці нямецкага палону.

А ў красавіку 1945 года прыйшлі вызваліцелі. На Радзіму я вярнуўся ў 1947 годзе."

На сайце Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь размешчана база даных "Беларускія вёскі, спаленыя ў гады Вялікай Айчыннай вайны". Сёння ў ёй утрымліваюцца звесткі аб 9097 знішчаных населеных пунктах. 51 вёска адносіцца да сучаснай тэрыторыі Салігорскага раёна. У ваенны час гэта былі вёскі Старобінскага, Ленінскага, Старадарожскага, Чырвонаслабодскага, Лунінецкага раёнаў. Самыя крывавыя карныя аперацыі на гэтых землях праводзіліся ў 1943-1944 гадах. Іх вынікам стала знішчэнне больш за 3 640 двароў, забойства і спаленне больш за 5 100 жыхароў. І гэта толькі дакументальна устаноўленыя факты...

Некаторыя населеныя пункты так і не былі адноўлены. З карты раёна назаўжды зніклі вёскі Ямнае, Хадыка, Сухая Міля, Дуброўна і некалькі хутароў.

Карнікі дзейнічалі аператыўна, у асноўным, па адным і тым жа сцэнарыі: урываліся ў вёску, зганялі жыхароў у вялікі хлеў, расстрэльвалі, падпальвалі, забіралі жывёлу і правізію і апраўляліся ў наступную вёску. Часта здаралася, што вяскоўцаў папярэджвалі аб падрыхтоўцы налёту партызаны. У такіх выпадках жыхарам вёсак атрымоўвалася толькі на час адкласці трагічную долю. Карнікі альбо знаходзілі іх у лесе і расстрэльвалі на месцы, альбо вярталіся ў вёску праз некалькі дзён і, застаўшы сялян у іх селішчах, чынілі крывавую місію.

Літасці не было нікому. Выжыць у гэтым страшэнным пекле ўдалося адзінкам...

ГІСТАРЫЧНЫ ЭКСКУРС

З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны ўсю сілу і моц нямецкай арміі жыхары Мінскай вобласці адчулі на сабе. На яе тэрыторыю наступала самая магутная з 3 груповак вермахта – група армій «Цэнтр». 25 чэрвеня 1941 г. былі акупіраваны Маладзечна, Вілейка, Валожын; 26 чэрвеня нямецкія войскі ўвайшлі ў Клецк, Смалявічы; 27 чэрвеня былі занятыя Слуцк і Узда; 28 чэрвеня – Дзяржынск, Нясвіж, Любань, Стоўбцы, Старыя Дарогі, Мар'іна Горка; 29 чэрвеня – Капыль; 1 ліпеня – Крупкі; 2 ліпеня – Барысаў, Мядзель, Лагойск, Чэрвень; 3 ліпеня – Беразіно.

На акупіраванай тэрыторыі ўсталёўваўся так званы «новы парадак». Гэта загадзя распрацаваны план генацыду, ліквідацыі савецкага ладу і яго духоўных каштоўнасцей. Ідэалагічнай асновай акупацыйнай палітыкі былі чалавеканенавісніцкія тэорыі аб “расавай перавазе” нямецкай нацыі над усімі іншымі. Асноўным сродкам падтрымання “новага парадку” былі войскі і розныя службы СС (ахоўныя атрады), СА (штурмавыя атрады), СД (служба бяспекі), гестапа (палітычная паліцыя).

Галоўным напрамкам ажыццяўлення плана “Ост”, які вызначаў праграму каланізацыі захопленых тэрыторый, германізацыю насельніцтва і знішчэння народаў Усходняй Еўропы, з'яўлялася палітыка генацыду – планамернае вынішчэнне цэлых груп насельніцтва па тых ці іншых матывах: з-за прыналежнасці да савецкіх актывістаў, камуністаў, габрэяў. Для рэалізацыі гэтага плана выкарыстоўвалася цэлая сістэма мер: аблавы, пагромы, турмы, карныя аперацыі, канцэнтрацыйныя лагеры, лагеры смерці.

Першымі з сістэмай лагераў сутыкнуліся якія трапілі ў палон чырвонаармейцы.

На тэрыторыі Мінскай вобласці ў 1941 – 1944 гг. акупанты размясцілі 8 дулагаў – перасыльных лагераў для ваеннапалонных (6 – у Барысаве, 1 – у Маладзечне, 1 – у Стоўбцах); 7 шталагаў – стацыянарных лагераў радавога і сяржанцкага складу; 26 афлагаў – стацыянарных лагераў для ваеннапалонных афіцэраў (усе 26 існавалі ў розны час). Палонныя часта размяшчаліся пад адкрытым небам або ў перапоўненых халодных бараках і адрынах. Шанцы выжыць, перш за ўсё ў першую ваенную зіму, у палонных салдат і афіцэраў Чырвонай Арміі былі невялікія. Цесната, антысанітарныя ўмовы, следствам якіх з'яўляліся сыпны тыф і іншыя эпідэміялагічныя захворванні, адсутнасць медыкаментаў, холад і голад, а таксама бескантрольнае прымяненне зброі аховай прыводзілі да вялікай смяротнасці сярод ваеннапалонных. Толькі ў 352–ым шталагу ў Масюкоўшчыне пад Мінскам у лістападзе-снежні 1941 г.памерла 25 тыс. чалавек.

Пад Мінскам у Малым Трасцянецы існаваў найбуйнейшы лагер смерці на тэрыторыі Беларусі і акупіраваных раёнах СССР, створаны СД. Тут знішчаліся мірныя жыхары, ваеннапалонныя з СССР, а таксама яўрэі – беларускія і дэпартаваныя з Аўстрыі, Чэхаславакіі.

Пад выглядам барацьбы з партызанамі фашысты правялі 11 карных аперацый на тэрыторыі вобласці: «Бамберг» (20.03.1942 – 04.04.1942), «Балотная ліхаманка» (20.08.1942 – 20.09.1942), «Альберт I» і «Альберт II» (лістапад 1942 г.), «Фрыда» (лістапад 1942 г.), «Франц» (студзень 1943 г.), «Зімовае чараўніцтва» (16.02.1943 – 31.03.1943), «Хортунг» (люты 1943 г.), «Русалка» (24.02.1943 – 01.03.1943), «Котбус» (20.05.1943 – 21.06.1943), «Марабу» (17.05.1944 – 25.05.1944), «Баклан» (25.05.1944 – 23.06.1944).

Падчас іх правядзення спальваліся вёскі, мірныя жыхары расстрэльваліся або вывозіліся ў лагеры смерці ці на прымусовыя работы ў Германію. У Мінскай вобласці акупанты часткова або цалкам спалілі разам з жыхарамі 1544 вёскі, многія з іх так і не адрадзіліся.

Увесь свет ведае трагедыю Хатыні.

       

Поўнаму фізічнаму знішчэнню падлягала яўрэйскае насельніцтва акупіраванай Беларусі. Паводле «Канчатковага рашэння» – плану, прынятага нацысцкім кіраўніцтвам у студзені 1942 г. у большасці раённых цэнтраў Мінскай вобласці вылучаліся спецыяльныя кварталы для пражывання і знішчэння яўрэйскага насельніцтва – гета. Былі знішчаныя ў Капыльскім гета - 3,5 тыс.чалавек, у Радашковіцкім (Маладзечанскі р-н) – 2 тыс. чалавек, у Ільянскім (Вілейскі р-н) – 2,3 тыс. чалавек, у Ракаўскім (Валожынскі раён) – больш за 1 тыс. чалавек, у Івянецкім гета – 1 тыс. чалавек.

Карта размяшчэння канцэнтрацыйных лагераў у Беларусі

Карта спаленых вёсак Беларусі