РУС БЕЛ ENG

Научное общество учащихся

План работы навуковага таварыства навучэнцаў "Геаграфія і сучаснасць"

МЭТА РАБОТЫ - даследаванне  духоўнай спадчыны нашых далёкіх  і блізкіх продкаў, так як тапонімы адлюстроўваюць  заняткі, думкі і жаданні людзей.
развернуть

ТАВАРЫСТВА ШКОЛЬНІКАЎ “ГЕАГРАФІЯ І СУЧАСНАСЦЬ”

ЗАДАЧЫ РАБОТЫ:

  • сабраць матэрыял аб тапанамічным мінулым і тапанамічным сучасным роднага краю;
  • вывучыць і сістэматызаваць мясцовы тапанамічны матэрыял;
  • прапагандаваць і папулярызаваць тапонімы нашых населеных пунктаў і іх наваколля.

АБ’ЕКТ даследавання – тапанімія нашай мясцовасці.

ПРАДМЕТ даследавання – вывучэнне паходжання, сэнсавага значэння, развіцця, сучаснага  стану мясцовых тапонімаў.

КІРАЎНІК: настаўнік геаграфіі Грынько Алена Мікалаеўна

ЧЛЕНЫ ТАВАРЫСТВА:

  1. Койка Арсеній (8 клас)
  2. Грынько Іван (8 клас)
  3. Хілько Станіслаў (9 клас)
  4. Ермаковіч Марцін (10 клас)
  5. Коўцік Данііл (10 клас)

 

ПЛАНАВАННЕ

ДАСЛЕДЧАЙ ДЗЕЙНАСЦІ ПА ГЕАГРАФІІ

 (1 гадзіна ў тыдзень, 35 гадзін)

 

                        МЕРАПРЫЕМСТВЫ

 

1

 Арганізацыйны занятак

2

 Агляд інфармацыйных рэсурсаў па тэме даследавання

3

 Знаёмства са структурай даследчай работы

4

 Этапы даследавання

5

 Фармуляванне тэмы, мэты, задач даследавання

6

 Тэрміналагічны комплекс тапанімікі

7

 Асаблівасці тапаніміі нашай мясцовасці

8

 Характарыстыка мясцовых айконімаў

9

 Характарыстыка мясцовых айконімаў

10

 Характарыстыка мясцовых айконімаў

11

 Характарыстыка мясцовых гідронімаў

12

 Характарыстыка мясцовых гідронімаў

13

 Характарыстыка мясцовых аронімаў

14

 Характарыстыка мясцовых аронімаў

15

 Характарыстыка мясцовых мікратапонімаў

16

 Характарыстыка мясцовых мікратапонімаў

17

 Трансфармацыя геаграфічных назваў

18

 Трансфармацыя геаграфічных назваў

19

 Фатаграфаванне аб’ектаў мясцовай тапаніміі

20

 Фатаграфаванне аб’ектаў мясцовай тапаніміі

21

  Сістэматызацыя тапонімаў

22

 Сістэматызацыя тапонімаў

23

 Класіфікацыя тапонімаў

24

 Класіфікацыя тапонімаў

25

 Тапанімічнае картаграфаванне

26

 Тапанімічнае картаграфаванне

27

 Выбар матэрыялаў для справаздачы

28

 Выбар матэрыялаў для справаздачы

29

 Падбор ілюстратыўных матэрыялаў

30

 Падбор ілюстратыўных матэрыялаў

31

 Афармленне фотасправаздачы

32

 Афармленне вынікаў даследавання

33

 Афармленне вынікаў даследавання

34

 Афармленне відэапрэзентацыі па выніках даследавання

35

 Падвядзенне вынікаў

 

свернуть

Даследчая работа “Тапанімія Пясчанскага краю”

Аўтары: Грыцкевіч Эмілія, 11 клас, Давыдзенка Арцём, 11 клас, Несцяровіч Даніла, 11 клас. Кіраўнік - настаўнік геаграфіі Грынько Алена Мікалаеўна, тэлефон +375 174 290 683
развернуть

ЗМЕСТ

Уводзіны

Тапанімія Пясчанскага краю

Класіфікацыя мясцовых тапонімаў

Заключэнне

Спіс выкарыстаных крыніц

 

УВОДЗІНЫ

Геаграфічныя назвы або тапонімы - найважнейшы кампанент чалавечых ведаў. Тапонімы з'яўляюцца своеасаблівым злучальным звяном паміж чалавекам і аб'ектам,  даючы цікавую і важную навуковую інфармацыю.

Тапонімы - гэта выраз ментальнасці людзей, іх светаадчування, культуры, побыту, звычаяў, псіхалагічнага стану. Яны з'яўляюцца неад'емнай часткай сучаснай цывілізацыі і ўяўляюць сабой унікальнае  асяроддзе, без якога немагчыма існаванне чалавецтва.

Акадэмік Дз. С. Ліхачоў пісаў:

«Помнікам духоўнай культуры асаблівага роду з'яўляюцца гістарычныя геаграфічныя назвы – імёны нашых гарадоў і вёсак, вуліц і плошчаў, застаў і слабод. Тапанікон народа ўяўляе сабой калектыўны твор народнага генія... Яны служаць арыенцірамі ў часе і прасторы, ствараючы гісторыка-культурнае аблічча краіны» [3].

Наша малая радзіма – вёскі Дубіца для Грыцкевіч Эміліі, Гаўрыльчыцы  для Давыдзенкі Арцёма і Пясчанка для Несцяровіча Данілы. Мы тут нарадзіліся і жывём, таму нам вельмі цікава ўсё, што звязана з гісторыяй і геаграфіяй роднага  кутка Беларусі.

На жаль,  мы ўсё больш страчваем сувязь з мінулым. Мы не ведаем, як і чаму колькі дзесяткаў гадоў таму назад  называлася наша вуліца, не маем уяўлення, як завецца той лясок за ваколіцамі вёскі, як называліся хутары, на якіх гаспадарылі нашы прабабулі і прадзядулі.

Давайце на імгненне прыпынімся, задумаемся, і, магчыма, зразумеем: прыйшоў час праз даследаванне тапонімаў даведацца аб гісторыі, культуры і быце нашай малой радзімы.

МЭТА РАБОТЫ - даследаванне  духоўнай спадчыны нашых далёкіх  і блізкіх продкаў, так як - тапонімы адлюстроўваюць  заняткі, думкі і жаданні людзей.

ЗАДАЧЫ РАБОТЫ:

  • сабраць матэрыял па тапанамічнаму мінуламу і тапанамічнаму сучаснаму роднага краю;
  • вывучыць і сістэматызаваць мясцовы тапанамічны матэрыял;
  • прапагандаваць і папулярызаваць тапонімы нашых населеных пунктаў і іх наваколля.

АБ’ЕКТ даследавання – тапанімія нашай мясцовасці.

ПРАДМЕТ даследавання – вывучэнне паходжання, сэнсавага значэння, развіцця, сучаснага  стану мясцовых тапонімаў.

Тапанамічная спадчына – наша мінулае, цяперашняе і будучае. Вывучыць яе проста: патрэбны кампутар, папера, аловак, фотаздымкі, дакументы, а таксама зацікаўленасць, цярпенне і любоў да гісторыі  і геаграфіі.

Вярнуцца да зместу

ТАПАНІМІЯ ПЯСЧАНСКАГА КРАЮ

АГУЛЬНЫ АГЛЯД ТЭМЫ

У дадзенай рабоце разглядаецца тапанамічны комплекс паўднёва-заходняга кутка  Салігорскага раёна Мінскай вобласці. Паняційны бок даследаваняя абапіраецца на выкарыстанне наступных тэрмінаў:

Тапонім (ад інш. - греч. τόπος-месца) - імя ўласнае, якое азначае ўласную назву прыроднага аб'екта на зямлі або аб'екта, створанага чалавекам на Зямлі.

Тапаніміка - навука, якая вывучае геаграфічныя назвы (тапонімы), іх паходжанне, сэнсавае значэнне, развіццё, сучасны стан, напісанне і вымаўленне [3].

Тапамімія - сукупнасць тапонімаў якой-небудзь мясцовасці, якой-небудзь мовы, якой-небудзь эпохі і г.д.

Ў рабоце мы выкарыстоўвалі розныя метады даследавання: аналітычны, апісальны, гістарычны, супастаўляльны; лінгвістычны аналіз.

Наша школа размяшчаецца ў вёсцы Пясчанка,  якая мае наступныя каардынаты: 52 градусы 38 мінут паўночнай шыраты і 27 градусаў 05 мінут усходняй даўгаты. Яна размешчана на вышыні 134 метраў над узроўнем Балтыйскага мора.

Наша мясцовасць мяжуе з тэрыторыямі наступных сельскіх Саветаў:  на паўднёвым усходзе – Хорастаўскага (Салігорскі раён), на поўдні  і паўднёвым захадзе – Чучавіцкага (Лунінецкі раён Брэсцкай вобласці), на поўначы і паўночным захадзе – Чудзінскага (Ганцавіцкі раён Брэсцкай вобласці), на паўночным усходзе – Рожанскага (Салігорскі раён) [1].

Вярнуцца да зместу

ДАЎНІНА МЯСЦОВЫХ ТАПОНІМАЎ

Тапонімы нашай мясцовасці не вельмі старажытныя па часу паходжання: большасць з тых, якія мы ведаем, узніклі ў 20 стагоддзі. Найбольш даўнімі з’яўляюцца такія тапонімы, як айконім Гаўрыльчыцы і гідронім Лань.   

Цэнтрам нашага краю здаўна была вёска Гаўрыльчыцы. Першае ўпамінанне аб вёсцы адносіцца да 1667 года [5]. Звесткі аб перадачы маёнтка Гаўрыльчыцы маюцца ў адным з інвентароў князёў Радзівілаў тых часоў.

Айконім Гаўрыльчыцы з’яўляецца антрапатапонімам. Яго ўзнікненне мясцовыя жыхары звязваюць з асабовым імем заснавальніка паселішча. Магчыма, першажыхар вёскі зваўся Гаўрыла ці меў прозвішча накшталт Гаўрыльчык, Гаўрыленка, Гаўрыловіч ці інш.

Хутчэй за ўсё  паходжанне тапоніма звязана з прозвішчам, коранем якога з’яўляецца “Гаўрыл”. Яно адносяцца да распаўсюджанага тыпу славянскіх сямейных імён, утвораных ад абіходнай формы хрысцільнага імені Гаўрыіл.

1

Мал.1.  Вёска Гаўрыльчыцы. Фота аўтараў

Імя Гаўрыіл узнікла ад старажытнаяўрэйскага слова “габрыель”, утворанага злучэннем дзвюх асноў: габры – “моцны мужчына” і эль – “бог”. Пераклад гэтага імені можна тлумачыць як “моцны чалавек Бога , Божы воін”. Сярод славян гэта імя атрымала папулярнасць, дзякуючы біблейскай постаці архангела Гаўрыіла, які прынёс вестку Дзеве Марыі аб тым, што яна стане маці Сына Божага. Спачатку імя Гаўрыіл было распаўсюджана сярод знаці, затым распаўсюдзілася і сярод простага люду.

Пра сваю малую Радзіму і яе назву добра расказаў у сваім вершы мясцовы настаўнік рускай мовы, зараз пенсіянер, і краявед Лобусь Антон Сцяпанавіч:

Здесь жил Гаврила

Не знаю, верить или нет,

Но бабка говорила,

Что жил у Лани на горе

Мужик один – Гаврила.

За дело взялся он с душой,

Валил дубы, берёзы,

Решил поставить себе дом:

Спешил, пока морозы.

Он дни и ночи напролёт

Без устали трудился.

И вот у речки на горе

Дом – первенец родился.

Собрал Гаврила урожай

На зависть всем соседям.

Собрал и пригласил друзей

Для дружеской беседы.

Вот в новом доме пир горой,

На всех хватило места.

Здесь, между прочим, наш герой

Нашёл себе невесту.

И было всё у них путём,

Хоть и забот немало.

Семья, как водится, росла,

В избе той тесно стало.

Нашёлся выход сам собой.

Скажу вам по секрету

Справлялись свадьбы тут весной,

А новоселье – летом.

Летело время, как стрела

Летит на поле брани.

Деревня стала на горе

У тёплой речки Лани.

Пережила немало бед:

И войны, и пожары,

Всё вынесла, и всё смогла,

И даже краше стала.

Десятки улиц, площадей,

Дома, ну просто в сказке,

А потому, что люди здесь

Гавриловой закваски.

Змяняецца час, змяняюцца і назвы. Ужо болей 20 гадоў не існуе Гаўрыльчыцкая школа,  а існавала яна амаль 100 гадоў -  з 1909 года па 1998 год. Тады школа ў сувязі з высокім узроўнем радыёктыўнага забруджвання перасялілася з Гаўрыльчыц у Пясчанку.

Мясціны, звязаныя з вадой, утвараюць гідралагічныя назвы краю. Самы вядомы гідронім – Лань.

На нашай тэрыторыі знаходзіцца сярэдняе цячэнне ракі Лань - левага прытока Прыпяці [2]. Рака Лань упамінаецца ў хроніках як месца бітвы  пад Клецкам летам 1506 года, калі нашы продкі разбілі крымскіх татар і вызвалілі гэтыя старажытныя беларускія землі.

Маецца два варыянты тлумачэння гідроніма Лань:

  1. Назва мае славянскае паходжанне ад слова “лань” – хутканогі алень.
  2. Назва мае балцкае паходжанне ад liйnas – балота, балоцістае месца.

Дарэчы, прозвішча нашага кіраўніка раней было  Ланкевіч. Магчыма,  сугучнасць назваў мае пад сабою і агульнасць паходжання. 

Існуюць такія версіі ўзнікнення фаміліі Ланкевіч:

1 версія. Ад памяншальнай формы “Ланка” царкоўнага імені Еўлампій (ад грэчаскага “ласкавы”). 2 версія. Ад прозвішча Ланка – чалавек, што працуе ў полі, якое ўзнікла з польскага “лан” – поле. 3 версія. Продак мог быць бачаром ад літоўскага “lankas” – дуга, обруч. Суфікс –евіч указвае на магчыма беларускае або польскае паходжанне прозвішча.

2

Мал. 2. Рака Лань. Фота аўтараў

Цікава, што яшчэ існуюць тапонім “Лань” — назва вёскі ў Нясвіжскім раёне Мінскай вобласці і тапонім “Лань”  (фр. Lagnes) — назва камуны ў дэпартаменце  Ваклюз у Францыі. Беларускі пісьменнік Алесь Шашкоў у 1979 выдаў аповесць  «Лань — рака лясная».

Вярнуцца да зместу

САВЕЦКІ ЧАС І ФАРМІРАВАННЕ ТАПОНІМАЎ

Вялікі ўплыў на фарміраванне тапаніміі нашай мясцовасці аказала гісторыя савецкіх часоў, якая доўжылася ў нас з 1939 года па 1991 год.

Вуліца Кірава - цэнтральная восевая вуліца вёскі Гаўрыльчыцы. Яна названа ў гонар Кірава С.М., які удзельнічаў у Кастрычніцкай рэвалюцыі, быў сакратаром Цэнтральнага Камітэта КП (б), забіты ў Ленінградзе ў снежні 1934 года.

У 1990-ыя гады на хвалі змены тапонімаў савецкага мінулага, была спроба перайменаваць вуліцу, аднак паколькі сама вуліца была пабудавана толькі ў 1950-ыя гады, то і ранейшай назвы ў яе не існавала, а новую не прыдумалі.

3

Мал.3. Вуліца Кірава. Фота аўтараў

Вуліца Майская вёскі Гаўрыльчыцы атрымала “святочную” назву як напамінак пра Свята 1 мая, якое з  1890 года было Днём салідарнасці рабочых усяго свету, а зараз 1 Мая ў Беларусі – свята працы. Дарэчы, па ўспамінах старэйшых настаўнікаў,  раней 1 мая ўсе работнікі і вучні нашай школы з кветкамі і шарамі выходзілі на першамайскую дэманстрацыю (дадатак 2).

Вуліца Калгасная вёскі Гаўрыльчыцы абавязана сваёй назвай мясцоваму калгасу. Ён  быў арганізаваны ў 1949 годзе ў вёсках Гаўрыльчыцы, Пясчанка, Дубіца, Цясна быў і названы ў гонар савецкага партыйнага кіраўніка Сяргея Міронавіча Кірава (1896 – 1934) – вядомага дзеяча камуністычнай партыі СССР. Затым і галоўная вуліца вёскі Гаўрыльчыцы была названа імем Кірава.

Аб часах асушэння палескіх балот ў 1970-я гады напамінае назва вуліцы Меліяратыўная вёскі Гаўрыльчыцы.

Практычна ўсе афіцыйныя назвы вуліц - гадонімы нашай мясцовасці,  былі зарэгістраваны ў канцы 1970-х пачатку 1980-х гадоў (дадатак 2).

Вярнуцца да зместу

ТАПОНІМЫ - СПАДЧЫНА ПОЛЬСКІХ ЧАСОЎ

Некаторыя тапонімы захаваліся як напамінак аб польскім перыядзе гісторыі. З 1921 года па 1939 год наша мясцовасць уваходзіла ў склад Польскай Рэспублікі. Вёскі Гаўрыльчыцы, Цясна, Пясчанка, Дубіца па адміністратыўнаму падзелу адносіліся да Чучавіцкай гміны Лунінецкага павета Палескага ваяводства

Тапонім  Парахоўня. Цяпер – гэта ўчастак лесу ў заходнім накірунку ад Гаўрыльчыц. А ў 30-ыя гады 20 стагоддзя, так як наша тэрыторыя прылягала да савецка-польскай мяжы, там знаходзіліся польскія ваенныя склады. Зараз дзе-нідзе ў Парахоўні можна знайсці рэшткі муроў тых пабудоў (дадатак 1).

Назву ўрочышча Паддубовае далі ў 1930-я гады польскія асаднікі і леснікі. Яны жылі на хутарах сярод дубоў у лясным масіве па паўднёвым захадзе ад в.Гаўрыльчыцы, сям-там у тых мясцінах дубы сустракаюцца і цяпер.

Вуліца 17 Верасня – восевая вуліца вёскі Пясчанка, на якой пад нумарам 13 размяшчаецца наша школа. Вуліца названа ў гонар 17 верасня 1939 года [5]. Раніцай гэтага дня пачаўся рух войскаў Чырвонай Арміі на польскую тэрыторыю. Тады наша мясцовасць пасля ўваходжання ў склад Польшчы была уз’яднана з БССР і ўвайшла ў склад СССР.

Вярнуцца да зместу

ГАСПАДАРЧЫ АСПЕКТ ФАРМІРАВАННЯ ТАПОНІМАЎ

Вёска Дубіца размешчана на паўднёвы ўсход ад нашай школы. З прыймальных тлумачэнняў айконіма Дубіца найбольш прывабнае наступнае: “Дубіца” – месца, дзе займаліся дубленнем. Дубіць – апрацоўваць шкуры вымочваннем у спецыяльных растворах. Хутчэй за ўсё мясцовыя жыхары, якія актыўна займаліся паляваннем, дубілі шкуры дзікіх і свойскіх жывёл.

4

Мал.4.Вёска Дубіца. Фота аўтараў

Штучны вадаём Раскоп знаходзіцца ў лясным масіве каля вёскі Цясна. Вадаём узнік у 1980-ыя гады, калі на гэтым месцы бралі пясок для будаўніцтва дарогі: яго “раскапалі” так і ўзнік адпаведны гідронім (дадатак 1).

На поўначы ад вёскі Гаўрыльчыцы размяшчаецца ўрочышча Цераболь альбо аднайменны лясны  масіў. Адпаведны дрымонім утварыўся ад слова церабіць – высякаць, карчаваць лес, хмызняк. Церабольскі лес заўжды быў вельмі прыгожым, таму нават існуе такі выраз: “А калі на сэрцы боль, трэба ехаць у Цераболь”. А ў вершы Лобуся Антона Сцяпанавіча ёсць наступныя радкі:

…И, наконец, скажу я вам, друзья,

Сей уголок не уважать нельзя.

Примерно так нам нужен Тереболь,

Как воздух для дыханья, как для хозяйки соль.

Вярнуцца да зместу

ПРЫРОДНЫ АСПЕКТ ФАРМІРАВАННЯ ТАПОНІМАЎ

Вёска Пясчанка размешчана на пясчанай раўніне, акаймаванай з поўначы пясчанымі градамі, адсюль – айконім Пясчанка, паходжанне яго звязана з месцазнаходжаннем і знешнім абліччам аб’екта. Пясчанка, пясчаны – пакрыты пяском, з аднаго пяску [4]. Яшчэ раней  казалі, што ворная зямля ў пясчанкоўцаў -  пустая. Пустая ў гэтым выпадку азначала неўрадлівая, бо пясчаная.

5

Мал.5. Школьны дэндрарый в.Пясчанкі. Фота аўтараў

Тапонім Завялікае – назва вёскі, якая знікла ў 1970-ыя гады з-за сваёй малой населенасці і аддаленасці. Размяшчалася яна на поўдень ад вёскі Гаўрыльчыцы.  Паходжанне тапоніма звязана з назвай ўрочышча - адпаведны дрымонім утварыўся ў сувязі з размяшчэннем вёскі “за вялікім лесам”. У першай палове 20 стагоддзя гэты лес быў выкарчаваны,  а мясцовасць урочышча ператворана ў раллю (з успамінаў Койка Тэклі Юр’еўны). Завялікае зараз  – гэта ўчастак лесу на поўдні ад в.Гаўрыльчыцы (дадатак 1).

Астравок - гістарычная назва сучаснай вуліцы Палесская в.Гаўрыльчыцы. Тапонім узнік у сувязі з тым, што хаты гэтай вуліцы былі пабудаваны на ўзвышаным участку сярод балоцістай мясціны, як бы на астраўку ў балоце. Такую версію выказаў былы жыхар гэтай вуліцы Крэйда Максім Трафімавіч.

Ўрочышча Крушня ляжыць на захад ад вёскі Гаўрыльчыцы. Крушня ў гутарковай мове – вялікая груда  камення [4]. За вёскаю маецца лясок,  за ім узгоркі, ля крушні крушня. Раней у гэтай мясцовасці былі хутуры, груды камення засталіся ад ранейшых хутарскіх пабудоў, а назва вельмі трывала замацавалася за мясцовасцю.

Данілевіч Ксенія Раманаўна расказала аб узнікненні тапоніма Міжэрычы. Урочышча паміж вёскамі Гаўрыльчыцы і Пясчанка пасярод дзвюх рукавоў ракі Лань да яе выпрамлення  ў час асушальнай меліярацыі. Цяпер толькі дзе – нідзе захаваліся невялікія азёры - старыцы на месцы ранейшага русла Лані, але мясціна па-ранейшаму завецца Міжэрычы, як напамінак аб сапраўднай рацэ - лясной прыгажуні (дадатак 3).

Грудкі - урочышча на паўднёвы ўсход ад вёскі Гаўрыльчыцы. Грудок – невялічкая горка, узгорак, сухадол. Грудок гэты сухі, ляжыць паміж высокага сухога лесу.

Малая - лясное ўрочышча на поўнач ад Гаўрыльчыц. Утварэнне тапоніма   звязана з балотнай тэматыкай. Урочышча ўяўляе сабой спалучэнне некалькіх водна-ледавіковых град, якія займаюць невялікую альбо малую плошчу сярод балоцістага лесу, адсюль – мясцовасць Малая – адно з самых прыдатных месц для збору мясцовымі жыхарамі ягад і грыбоў. Так расказала нам мясцовая жыхарка  Ланкевіч Лілія Браніславаўны.

Вярнуцца да зместу

ТАПАНІМІЧНАЯ МАЗАІКА

Паселішча Цясна размешчана за некалькі кіламетраў на поўдзень ад Гаўрыльчыц. Вёска знаходзіцца сярод лясоў і балот, раней зямлі прыдатнай для апрацоўкі было вельмі мала, таму сядзібы сялян у вёсцы размяшчалія вельмі шчыльна адна да адной – цесна, адсюль – айконім Цясна, паходжанне яго звязана са знешнім абліччам населенага пункта. Так расказала ўраджэнка Цясны Тонка Валянціна Аляксееўна. На жаль, зараз гэта вёсачка знаходзіцца на грані знікнення.

Вуліца Кітайская – неафіцыйная назва вуліцы Калгасная ў Гаўрыльчыцах. У сярэдзіне 20 стагоддзя многія сем’і на вуліцы былі шматдзетнымі, і моладзі было шмат, як у Кітаі.

Утварэнне многіх мясцовых гідронімаў звязана з балотнай тэматыкай.   Напрыклад, балоцістае ўрочышча Нясвіж, на думку землякоў, завецца так, таму што пахі гніення рэшткаў раслін і жывёл, якія пануюць над балотам, робяць паветра  непрыемным,  а месца – не  свежым (дадатак 1).

Крынічанька – тапонім мясцовасці на поўдзень ад вёскі Цясна, дзе сапраўды маецца дастаткова рэдкі для Палесся гідралагічны аб’ект – крыніца. Грынько Ганна Раманаўна 1930 года нараджэння ўспамінала, што раней існавала павер’е: калі прыходзіла засуха і ўраджай на палях пачынаў гінуць, мясцовыя жанчыны ішлі да Крынічанькі, маліліся там, бралі крынічную ваду, крапілі ею поле і тады пачыналі ісці дажджы.

Вуліца Баравая вёскі Гаўрыльчыцы, а ў гутарковай мове – Барок, завецца так, таму што размяшчаецца адасоблена ад астатняй часткі вёскі  за хваёвым лесам, борам  (дадатак 3).

Цэрквішча - урочышча на правым беразе ракі Лань, размяшчаецца на поўнач ад вёскі Гаўрыльчыцы на адлегласці каля 7 кіламетраў. Існуе легенда аб тым, што на ўзвышаным беразе ракі многа дзесяцігоддзяў назад існавала праваслаўная царква, але аднойчы ў час моцнага  веснавога разводдзя царква была разбурана вадой і больш не аднавілася. Таму за гэтай мясцінай замацавалася назва Цэрквішча. Такую легенду нам паведала Данілевіч Ксенія Раманаўна - самая старая жыхарка нашай мясцовасці, 1925 года нараджэння.

6

Фота.6. Урочышча Цэрквішча. Фота аўтараў

Вуліца Паддубовая - гістарычная назва вуліцы ў паўночнай частцы вёскі Гаўрыльчыцы. Зараз яна называецца Палявая. Наяўнасць шматлікіх дубоў, што і зараз акаймляюць вуліцу, садзейнічала ўтварэнню адпаведнага тапоніма.

Узнікненне гадоніма Заброддзе – сучаснай      вуліцы Ланьская, звязана з існаваннем брода праз раку Лань па дарозе паміж вёскамі Гаўрыльчыцы і Пясчанка.

Размешчаная за вясковымі могілкамі частка вуліцы Майская, мае гістарычную назву Замагілле.

Савінскія грады – цікавы для Палесся аб’ект водна-ледніковага паходжання. Тапонім узнік, хутчэй усяго, па імені ўладальніка хутара, якіх тут шмат размяшчалася раней.

Вярнуцца да зместу

КЛАСІФІКАЦЫЯ МЯСЦОВЫХ ТАПОНІМАЎ

Мы падсумавалі нашы веды па тапаніміі і  прааналізаваныя тапонімы згодна розных класіфікацый: тапонімы па паходжанню; тапонімы па культурна-гістарычнаму пласту; тапонімы па сферы функцыянавання;  тапонімы па характару геаграфічнага аб’екта; тапонімы па фактарах паходжання [2]. Вось што ў нас атрымалася.

  1. Віды тапонімаў па паходжанню

1) Патронімы – назвы, якія  ўтвораны ад прозвішчаў ці імёнаў заснавальнікаў альбо ўладароў. Напрыклад, вёска Гаўрыльчыцы, хутар Міхалова.

2) Сімвалічныя тапонімы адлюстроўваюць гаспадарчыя, гістарычныя падзеі і сацыяльныя працэсы. Так, назва “Вуліца 17 Верасня” звязана з падзеямі 1939 года.

3) Метафары - назвы, якія ўяўляюць сабой параўнанні становішча, размяшчэння, формы аб’ектаў і інш. Хутар Завялікае, урочышча Малая: тапонімы-метафары.

4) Мемарыяльныя назвы ўтвораны ў гонар гістарычных асоб – гэта вуліца Кірава, калгас імя С.М. Кірава

  1. Віды тапонімаў па прыналежнасці да культурна-гістарычнага пласта

1) Найстаражытнейшыя тапонімы маюць балцкае паходжанне, часцей за ўсё  з’яўляюцца гідронімамі ці айконімамі. Напрыклад, рака Лань.

2) Мемарыяльна-ідэалагічныя тапонімы ўтварыліся ў савецкі час і адлюстроўвалі ідэалогію і гісторыю СССР - вуліца Кірава ў в. Гаўрыльчыцы, калгас імя Кірава, вуліца 17 Верасня ў в. Пясчанка.

3) Славянскія тапонімы маюць паходжанне са славянскіх моў - вуліца Палеская ў в. Гаўрыльчыцы.

  1. Віды тапонімаў па сферы функцыянавання

1) Афіцыйныя тапонімы выкарыстоўваюцца ў дакументах, маюцца на геаграфічных картах - вуліцы Калгасная, Сонечная, Майская, Новая ў вёсцы Гаўрыльчыцы.

2)  Старыя тапонімы выкарыстоўваліся раней, цяпер  забыліся ці існуюць як неафіцыйныя. Так, вуліца Палеская - афіцыйная назва, а назва Астравок - раней ўжывалася і існуе цяпер як неафіцыйная.

3) Неафіцыйныя тапонімы існуюць толькі сярод мясцовых жыхароў. Напрыклад, у в. Гаўрыльчыцы вуліцы Кітайская, Барок, Замагілле, Заброддзе, Астравок,  афіцыйная назвы адпаведна – Калгасная, Новая, Майская, Ланьская, Палеская.

  1. Віды тапонімаў па характару геаграфічнага аб’екта
  2. Гідронімы - назвы водных аб’ектаў. Напрыклад, рака Лань, Церабольская канава.
  3. Айконімы - назвы населеных пунктаў. Напрыклад, вёскі Пясчанка, Гаўрыльчыцы, Дубіца, Цясна.
  4. Аронімы - назвы форм рэльефу. Напрыклад, каля Пясчанкі размешчаны Савінскія грады, Шчоткава гара.
  5. Віды тапонімаў па фактарах паходжання

1) Тапонімы, якія адлюстроўваюць прыродныя ўмовы мясцовасці – вёска Пясчанка, урочышча Крынічанька.

2) Тапонімы, якія звязаны з імёнамі асобных людзей - вёска Гаўрыльчыцы, Шчоткава гара.

3) Тапонімы, якія маюць сувязь з гісторыяй засваення і гаспадарчай дзейнасцю -  урочышча Малая, урочышча Крушня.

4) Тапонімы, звязаныя з паданнямі, легендамі - урочышча Цэрквішча.

Такім чынам, адны і тыя ж тапонімы адносяцца да розных  груп па класіфікацыі, маюць рознае значэнне, асаблівасці паходжання і ўжывання.

Вярнуцца да зместу

ЗАКЛЮЧЭННЕ

У сваёй рабоце мы правялі даследаванне мясцовай тапаніміі і  разгледзелі розныя пытанні: узнікненне, размеркаванне, паходжанне тапонімаў нашага краю. Прааналізаваўшы сабраны матэрыял, мы прыйшлі да высновы, што назвы не бываюць выпадковымі, яны адлюстроўваюць асаблівасці геаграфічных аб'ектаў, сацыяльна-бытавыя ўмовы жыцця насельніцтва, гістарычныя факты. Мы падсумавалі нашы веды па тапаніміі і  прааналізаваныя тапонімы размеркавалі паводле розных па прыкметах класіфікацый. Таксама мы склалі картасхему, якая адлюстроўвае назвы ўрочышчаў наваколля і іх размяшчэнне.

Звычайна мясцовыя тапонімы вядомыя толькі абмежаванаму колу людзей, якія пражываюць на дадзенай тэрыторыі. У наш час, калі дзеці і моладзь болей жывуць у віртуальным свеце кампутараў і мала ходзяць-ездзяць па наваколлі, сувязь з тапанамічнай мінуўшчынай парушаецца і прыгажосць яе гучання амаль знікае. Праведзенае даследаванне, магчыма, дапаможа захаваць спадчыну нашых айконімаў-гідронімаў, хаця б для кола цікаўных землякоў і  аматараў.Таму мы спадзяёмся, што наша даследаванне дапаможа прапагандаваць і папулярызаваць тапонімы  нашых населеных пунктаў і іх наваколля, так як іх веданне жыхарамі недастатковае (дадатак 4).

У будучым мы працягнем работу па вывучэнню тапонімаў роднага краю, бо не ўсе пытанні ўдалося вырашыць, многія назвы так і засталіся для нас загадкавымі.                      

Вярнуцца да зместу

СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ

1. Атлас. Геаграфія Беларусі/пад рэд. П.С. Лопуха.- Мн.: Белкартаграфія,  2017.

2. Басик С. Н. Общая топонимика / С.Н. Басик. - Мн.: БГУ, 2006.- 200 с.

3. Брылеўскі М.М., Клімовіч А.У. Геаграфія. Геаграфія Беларусі / М.М. Брылеўскі, А.У. Клімовіч. – Мн.:Адукацыя і Выхаванне,  2019. – 210 с.

4. Грабчыкаў С.М.  Слоўнік паронімаў беларускай мовы. / С. М. Грабчыкаў. –Мн: Народная асвета, 1994 . -188 с.

5. Памяць. Салігорскі раён. – Мінск: Белта, 2004

Вярнуцца да зместу

свернуть