Бойка Аляксандр Аляксандравіч
Пачатак жыццёвага і працоўнага шляху Бойка Аляксандра Аляксандравіча звязаны з нашымі мясцінамі. Нарадзіўся ён 4 сакавіка 1954 года ў вёсцы Гаўрыльчыцы Салігорскага раёна Мінскай вобласці.
Пасля заканчэння сярэдняй школы вучыўся ў Свірскім СПТВ № 17 Мядзельскага раёна Мінскай вобласці, дзе атрымаў спецыяльнасць вадзіцеля-аўтаслесара. З 1972 года працаваў у Гаўрыльчыцах вадзіцелем-аўтаслесарам у калгасе імя С.М.Кірава, дзе ўсё жыццё працавалі яго бацькі.
З 1972 года па 1974 год служыў у радах Савецкай Арміі. Па заканчэнні службы занесены ў Кнігу Гонару ваеннай часткі 74907 Прыбалтыйскай ваеннай акругі.
Па накіраванню гэтай жа часткі паступіў у Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.М. Горкага на падрыхтоўчае аддзяленне гістарычнага факультэта. З 1976 года па 1981 год – студэнт дзённага аддзялення гістарычнага факультэта. Падчас вучобы ў інстытуце актыўна займаўся ў студэнтскім навуковым таварыстве, удзельнічаў у студэнцкім будаўнічым руху (Пскоўшчына, Карэлія, Якуція - БАМ).
У 1981 годзе быў накіраваны на работу ў Барысаўскі раён Мінскай вобласці, дзе за 25 прайшоў «прыступкі» галіны адукацыі: настаўніка, дырэктара сельскай, гарадской школ, намесніка загадчыка аддзела адукацыі, загадчыка (начальніка) аддзелам адукацыі Барысаўскага гарвыканкама.
За гады кіравання аддзелам адукацыі Барысаўскага гарвыканкама (1992 - 2006 гг.) пад яго кіраўніцтвам створана шырокая сетка навучальных устаноў і паслуг для вучняў. 10 гадоў запар каманда школьнікаў займала 1-ае месца ў абласных прадметных алімпіядах, вучні ўстаноў адукацыі паспяхова выступалі на рэспубліканскіх і міжнародных алімпіядах, канферэнцыях, фестывалях, конкурсах (Канада, Нарвегія, Венгрыя, Аўстрыя, Тайланд, Расія, Арменія, Тайвань, Стамбул і інш.). Ва ўстановах адукацыі працавала 9 музеяў, тры з якіх мелі званне «Народны»; 16 дзіцячых творчых калектываў, дзесяць з якіх мелі званне «Узорны», тры – «Народны».
Аляксандр Аляксандравіч стаў адным з заснавальнікаў міжнароднага дзіцячага харэаграфічнага фестываля «Барысаўскі прыстанак», у якім прымалі ўдзел калектывы з многіх краін. 6 гадоў быў старшынёй арганізацыйнага камітэта фестывалю.
Пастаянна працуючы над сабою, наш выпускнік паспяхова закончыў Акадэмію Кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь і аспірантуру Нацыянальнага інстытута адукацыі. Валодае дзвюмя замежнымі мовамі – нямецкай і французскай.
Аляксандр Аляксандравіч выбіраўся дэпутатам сельскага, гарадскога і Мінскага абласнога Саветаў дэпутатаў.
З 2006 года працаваў старшынёй Цэнтральнага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, у красавіку 2015 года на VIII з’ездзе Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі быў у чарговы раз перавыбраны на гэту пасаду.
Асноўнымі накірункамі дзейнасці Бойка А.А. як старшыні галіновага прафсаюза з’яўляліся: сацыяльна-эканамічная і прававая абарона работнікаў сферы адукацыі і навукі, рашэнне пытанняў аховы працы, разнастайная арганізацыйная работа, удзел ў дзейнасці міжнародных прафсаюзных арганізацый, правядзенне аздараўленчай і фізкультурна- масавай работы сярод членаў прафсаюза і іншых работнікаў адукацыі, мерапрыемствы, накіраваныя на ахову дзяцінства.
Аб паспяховасці прафесійнай дзейнасці нашага земляка сведчаць яго шматлікія ўзнагароды. За гады працы на ніве адукацыі Бойка А.А. узнагароджаны знакамі: «Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь”, “За актыўную працу”, “Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі: 100 гадоў прафсаюзнаму руху”, юбілейнымі медалямі: “60 гадоў вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”, “60 лет победы в Великой Отечественной войне 1941-1945», юбілейным медалём «110 гадоў прафсаюзнаму руху Беларусі”.
Зараз Бойка А.А. знаходзіцца на заслужаным адпачынку.
Шэлег ( Гурыновіч ) Ганна Сяргееўна
1951- 2020
Школу закончыла ў 1968 годзе. З 1983 года па 2007 год працавала дырэктарам Цэнтра юных натуралістаў г. Салігорска. Выдатнік народнай адукацыі Рэспублікі Беларусь. Узнагароджана Граматамі ЦК КПСС і УЦСПС, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Унесена ў кнігу “Лепшыя жанчыны Салігоршчыны”.
Бойка Мікалай Аляксеевіч
1943 – 2020
Сярэднюю школу закончыў завочна ў 1969 годзе. Стваральнік і кіраўнік народнага ансамбля сям’і Бойка. Лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеечам культуры і мастацтва ў намінацыі
“ Народная творчасць” за 2005 год. Узнагароджаны шматлікімі граматамі раённага, абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў. Аўтар многіх песень, якія выконвае ансамбль.